«Мама, не журыся!»🤔 Апошні мой тэкст выклікаў шмат розных эмоцыяў у велькашаноўнай публікі. Тэма допісу была:
«нерашучасьць — як фірмовая беларуская рыса». Ну, і народ масава зрэагаваў на гэта. Прапаноўвалі мне неадкладна паехаць у Беларусь, каб рашуча ачоліць там супраціў. Ці хаця б ва Ўкраіну.
Казалі:
«Ня згодны — крытыкуй, крытыкуеш — прапануй, прапануеш — рабі, робіш — адказвай. Толькі так. І ніяк іначай».
Вы зразумелі? НІЯК ІНАЧАЙ! Такі тыпова дыктатарскі падыход — ёсьць толькі адна дарога. Адна нацыя. Адзін лідэр. І ніяк іначай.
Распавядалі, што ў 20-м былі забастоўкі і
ўтварыўся цэлы страйкавы рух, няпраўда, што рабочыя не змагаліся!
Сьцьвярджалі, што людзі
ня хочуць апублічваньня таго, што робіцца ў калёніях з палітвязьнямі, бо гэта рэальна можа прывесьці да катаваньняў і зьдзекаў. А езьдзяць туды-сюды празь мяжу, бо
хочуць пабачыць маці, бабулю, сваякоў і блізкіх, чаго іх за гэта асуджаць?
Сапраўды, навошта асуджаць?
Ну, і што з таго, што яны езьдзяць з гуманітарнай візай ці картай побыту,
якая выдадзеная на гуманітарнай падставе (
а гэта мае на ўвазе, што табе небясьпечна знаходзіцца на радзіме), якое гэта можа мець значэньне, калі чалавек хоча пабачыцца з мамай ці бабуляй? Ну і што, што памежнікі ўсё бачаць і асэнсоўваюць, і неўзабаве камусьці, хто сапраўды зазнаў перасьлед, гэтую візу ці дазвол на жыхарства ня выдадуць?
Я неаднойчы размаўляў з былымі палітвязьнямі. І зь лідэрамі ініцыятываў, якія палітвязьням дапамагаюць. На пытаньне
пра апублічваньне дзеяньняў турэмнае адміністрацыі ўсе казалі аднадушна:
максымальны розгалас! Бо гэтыя людзі, якія служаць рэжыму, хочуць, каб усё было ціха, непублічна, не даходзіла да прэсы, ня мела рэзанансу. Каб яны маглі рабіць, што заўгодна, а сваякі палітвязьняў усё гэта замоўчвалі і ціхарылі: маўляў, ціха адсядзіць свае сем гадоў, вызваліцца ды зьедзе, а так яшчэ невядома, чым усё скончыцца. Дык я вас магу запэўніць: у любым выпадку невядома!
Гэты ціхі маўклівы сцэнар нам навязваюць нашыя ворагі, а вы чамусьці яго прымаеце і паводле яго жывяце! Ці сапраўды верыце словам пачвараў у форме?
Наконт масавага страйку працаўнікоў заводаў ды фабрыкаў у 2020-м —
каб ён быў, мы б усе яго адчулі. Каб рабочыя сапраўды — у адзіным парыве! — кінулі працу
хоць на тыдзень, ды што там! —
хоць на два дні! — на ўсіх гэтых МАЗах, трактарных, шарыках, колавых цягачоў, амкадоры, МЗОРы, птушкафабрыцы імя Крупскай і парнікова-цяплічным камбінаце.
Не. Не было такога. Зарплата, крэдыты, чарга на кватэру пераважылі.
Той тэкст быў пра беларускую нерашучасьць. І гэта памылка! Якая там нерашучасьць?! Калі трэба —
мы вельмі нават рашучыя.
Мы рашуча афармляем сабе за мяжою міжнародную ахову ці то дазвол на жыхарства (
а перад гэтым рашуча робім карту паляка, бо плян «Б» ніхто не адмяняў), хаця гэта й няпросты працэс, рашуча адстойваем на мяжы трыццаць гадзінаў, каб пабачыць сваякоў, рашуча едзем у дальні шлях праз Калінінград (ці Пскоў) да Масквы, а адтуль — маршруткаю ў Менск, каб не праходзіць беларускіх памежнікаў, а там, у Менску, рашуча афармляем сваю кватэру на продаж, бо рэжым выключыў іншыя шляхі купля-продажных угодаў нерухомасьці, а потым рашуча вяртаемся на Захад тым самым пакручастым шляхам.
Мы рашуча накідваемся ў інтэрнэце на Кабінэт і ягоных прадстаўнікоў ці то на якую Каардынацыйную раду, ці яшчэ на штосьці (кагосьці), хто ўсё робіць няслушна, а мы ведаем, як трэба, але да нас ня хочуць прыслухоўвацца. 🤬
Мы адчайна змагаемся з тымі, хто лічыць расейскамоўных беларусаў не беларусамі і, наадварот, з тымі, хто ставіць мову на першае мейсца (бо трэба пачынаць ня з мовы, а з эканомікі!), абараняем да апошняе кроплі крыві свой адзіна правільны пункт гледжаньня і не прымаем іншыя! Бяз страху і папроку!
Тут мы вельмі рашучыя!
А наконт таго, што мне, аўтару гэтых радкоў, «
трэба паехаць у Беларусь ці хаця б (чаму «хаця б»?) ва Ўкраіну», дык паглядзім. Такія пляны, нават калі яны ёсьць, звычайна не апублічваюцца.
І наастачу. Спадзяюся, што перадаў вам зарад энэргіі і рашучасьці на ўвесь наступны тыдзень! 🫡
Дзякуй за ўвагу!